🚧Беларуская песня
Уладзімір КараткевічВедах беларускіх
БЕЛАРУСКАЯ ПЕСНЯ
Д зе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа, Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў, Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць
суровыя вежы
I вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца, Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…
Там, дзе сэрца маё з першым крокам,
як молат, заб’ецца, Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры, Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў, Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах, I бары-акіяны, і неба — разлівы ільноў.
Дзе мой край?
Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме, Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі, А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч. Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі, Дзе жанчыны. Як радасны сон у стагах на зары, А дзяўчаты як дождж залаты. А сівыя матулі Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі, Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок. Тая гордая мова, якую й тады не забудзем, Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок. Ты — наш край.
Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам, Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць, Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому He дамо абсмяяць, апаганіць, Забыць ці мячом зваяваць.
WLADZIMIR KARATKEVICH