« Назад

Дома

Васіль Вітка
Васіль Вітка на
Ведах беларускіх

Чарэшня звісла цераз плот,
Жаўцее цындалея,
Гарбуз свой выкасаў жывот
I на прыгрэбцы грэе.

Напэўна, прыцемкам кажан
Крылом мяне крануўся,
I я ў акопах не ляжаў,
He быў у завірусе,

I ні ў атаках, ні ў баях,
I ні ў цяжкім паходзе…
Стаіць пад вартай жураўля
Дубовы наш калодзеж,

I ўжо ў руках не кацялок —
Знаёмае вядзерца,
I вышываны рушнічок
Аб жорсткі твар мой трэцца.

Са скавародкі стус блінцоў
Наскідвала ўжо маці,
I зноў я пазнаю хлапцом
Сябе у гэтай хаце.

Сяджу і слухаю зімой
За комінам на печы,
Як тонкай ніткай ільняной
Звініць марозны вечар.

Над галавой снуе павук
Для навіны аснову.
I веру я, малы хлапчук,
Прыкметам і замовам.

На Новы год на дно вядра
Кладу ў ваду я грыўню,
Каб наша хата ад дабра
Ламалася у жніўні.

Вясной, пачуўшы першы гром,
Я грэйма цераз лужы
Бягу да дуба — б’юся лбом,
Каб быць мне самым дужым.

Каб добры лёс убачыць свой,
Я верны спосаб знаю,
Расою першай лугавой
Я вочы абмываю.

З тых дзён мне родны кут відзён
Заўжды над ясным небам,
З тых дзён у ростані жадзён
Я матчыну хлебу.

Напэўна, прыцемкам крылом
Мяне кажан крануўся…
Стаіць здаўна знаёмы дом
Каля раўка, пры лузе.

Яго я помніў на вайне,
Як біўся за айчыну…
Глядзіць радзіма на мяне
Шырокімі вачыма.

« Назад

Зборнікі: Беларуская лірычная паэзія