З верша «У вёсцы»
Максім БагдановічВедах беларускіх
Калісьці летняю рабочаю парой
Праз вёску я ішоў. Панураю чаргой
3 абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты
Стаялі — шэрыя, струхлеўшыя; як латы,
Віднеліся ў сцянах сляпыя вокны іх,
I аж счарнелася салома стрэх гнілых.
Ўсё руйнавалася, старэла, адмірала,
I мала што вакол хоць трохі аздабляла
Вясковую нуду: мак яркія цвяткі,
Рознакалёрныя, як тыя матылькі
У градах высыпаў і цешыў імі душу,
Ды можна йшчэ было там-сам пабачыць грушу,
Крывую, старую… вось толькі і ўсяго.
I да таго ж з людзей не відна нікаго, —
Яны на полі ўсе; не мельканець спадніца,
He пройдзе з вёдрамі па воду маладзіца,
He ўгледзіш белую магерку мужыка,
Ў паветры не памкне іржанне жарабка,
I песня сумная не паліецца звонка…
Што ж дзіўнага, калі, раптоўна крык дзіцёнка
Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах!
Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах
Ён, бедненькі, папоўз па траўцы ля сцяжынкі,
Да нянькі траплячы — так год васьмі дзяўчынкі.
I вось, дабраўшыся, ў падолак разам к ей
3 трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй;
I, як схіляецца ад ветру верх бярозкі,
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі
Сціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім як быццам маць;
I саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны,
Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,
Здавалася, была аж да краёў паўна
Якойсь шырокаю, радзімаю красою,
I, помню, я на міг пахарашэў душою.
А можа не краса была ў дзяўчынцы той, —
Дзяўчынцы ўпэцканай і хілай, і худой, —
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз маці Божай лікі.