Санет
Максім БагдановічМаксім Багдановіч на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
(Ахвярую А.Пагодзіну)
Un sonnet sans defaut
Vaut seul un long poème.
Boileau (1)
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насення жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа на раллі.
Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.
Беззаганны санет варты адзін цэлай паэмы. Буало (франц.)