Раманс (Зорка Венера)
Максім БагдановічВедах беларускіх
Quand luira cette étoile un jour,
La plus belle et la plus lointaine,
Dites-lui qu’elle eut mon amour
O derniers de la race humaine ! Sully-Prudhomme (1)
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла…
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
3 гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханнем к табе разгарацца
3 гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, — у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае…
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе…
(1) Калі аднойчы засвеціцца гэтая зорка,
Найпрыгажэйшая і найдалейшая,
Скажыце ёй, што я кахаў яе,
О, апошнія з роду людскога.
Сюлі-Прудом (франц.)