Летапісец
Максім БагдановічВедах беларускіх
Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,
Свой век канчае ён у манастырскіх мурах
Тут ціша, тут спакой, — ні шуму, ні клапот.
Ён пільна летапіс чацвёрты піша год:
І спісвае усё ад слова і да слова
З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.
І добрыя яго, і кепскія дзяла
Апавядаю тут. Так рупная пчала
Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак,
І бачанаму мной – я годны веры сведак.
Што тут чынілася ў даўнія гады,
Што думалі, чаго жадалі мы тады,
За што змагаліся, як баранілі веру, –
Узнаюць гэта ўсё патомкі праз паперу!
Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, –
І вось у спомінах устане, ажыве,
Калі знайдуць маё няхітрае пісанне
Пра гэтае жыцьцё, надзеі, справаванне.
Так мора прымчыць да нас вадой
Бутэльку к берагу, аблітую смалой,
Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне. Не замала
Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала.
Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб’юць
I, як трапляецца, быць мо у ёй знайдуць
Ліста. За звычаю марскога гэтак весці
Нам, утапаючы, шлюць людзі. Ў моры гдзесьці
Загінулі яны, і, можа, соткі год
З тых часаў працяклі, і згінуў іх народ,
І ўсё змянілася, і ўжо пра іх забылі.
Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!
І людзі зведаюць аб прадзедах сваіх, —
Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх,
Каму маліліся, чаго яны шукалі,
Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі.