Як Базыль у паходзе канаў
Максім БагдановічМаксім Багдановіч на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
Як Базыль у паходзе канаў,
Ўсё старонку сваю спамінаў.
— Вы прашчайце, прашчайце, шнуры,
Вы прашчайце, негараныя!
Мне вас болі ужо не гараць,
Буйным збожжам на зары не засяваць.
— He пабачу я цябе, цёмны луг.
Поле чыстае, раздольнае!
Мне па вас ужо ніколі не хадзіць,
Мне зялёнай травы не касіць.
— Расстаюся я з табой, шчыры бор,
Пушча цёмная, драмучая!
Мне твой шум ужо болі не чуваць.
Мне высокіх сасон не рубаць.
— Ах, прашчай ты, сямейка мая,
Вы прашчайце, таварышы!
Ўжо не прыйдзецца да сэрца прытуліць,
Пасядзець, пажартаваць, пагаманіць.
— Гэй, чалом табе, чалом, Беларусь,
Ўся староначка бяздольная!
He забыў твой сын сваёй маці,
За цябе у зямлі яму ляжаці.