Агні
Пятро ГлебкаВедах беларускіх
У нашым вялізманным доме
Чатырыста дваццаць кватэр.
Жыве ў ім прафесар вядомы,
Заслужаны ўрач, інжынер.
Жыве тут праслаўлены токар,
Народны артыст і паэт,
Жыве малады, адзінокі,
Славуты цясляр — мой сусед.
Жывуць працавітыя людзі…
I ў часе рабочага дня,
На поўныя дышучы грудзі.
У доме стаіць цішыня.
Стаіць і з акон наглядае
За бурным жыццём на двары,
Дзе сонца прастор залівае,
Дзе гоман і смех дзетвары.
Там часта сярод зеляніны
Ля шумнай чародкі дзяцей
Спыняецца моўчкі жанчына
I доўга не зводзіць вачэй,
А ўвечар, калі загамоніць,
Увесь велізарнейшы дом, —
Ружовым, зялёным, чырвоным,
Блакітным і сінім агнём
Ад самага верху дадолу
Гарыць ён… I толькі адно
He свеціцца бляскам вясёлым
На трэцім паверсе акно.
I часам прыезджы каторы
Пытае: — А хто там жыве? —
Жыве мацярынскае гора,
Жыве не вясну і не дзве.
Жыве з таго часу, з якога
Да маці прыйшлі не сыны,
А грозна прыйшла да парога
Жахлівая вестка з вайны.
Будынкі суседнія з ласкай
3 той даты ці можа спакон
Галубяць акно гэта бляскам
Усіх сваіх тысяч акон.
Яны, не згасаючы, свецяць,
Каб гэтае ў горы акно
Заўсёды на ўсім белым свеце
Было ўсім народам відно.