Аб чым спяваюць салаўі?
Пятро ГлебкаВедах беларускіх
Аб чым спяваюць салаўі?
Я часта думаю над гэтым,
Калі вясёлыя гаі
I горкі смутак дум маіх
Птушыным шчэбетам сагрэты.
I сніцца мне мой родный край,
Мая далёкая радзіма,
Кляновы ліст, дубовы гай
I ружаваты небакрай,
Засланы злёгку белым дымам.
З руін на момант уваскрос
I шэлест лісця асцярожны
I на ляху даўгі абоз,
I ў ценю ветлівых бяроз
З кійком і кайстрай падарожны.
Малюнкі бацькаўскай зямлі!
Нічым вас з памяці не сцерці.
Мы змалку там з табой жылі
I ўсё да радасці ішлі,
А набліжаліся да смерці.
I ўсё, ад кветак на лугу
Да рыжай палявой пясчынкі.
Я дбайна ў сэрцы берагу
I толькі ўспомніць не магу
Усмешку роднае дзяўчынкі.
Ад той усмешкі дарагой
Ёсць штосьці ў песнях салаўіных —
Пявучасць хвоі маладой,
I звон крыніцы пад гарой,
I смутны гоман арабіны.
I мне ўжо мроіцца парой.
Як мы, пазбыўшыся напасці,
Ізноў сустрэнемся з табой
I пойдзем роўнаю хадой
He да магілы, а да шчасця.
Ці ж не аб гэтым у гаі,
Ледзь толькі неба пацямнее.
Пяюць штоночы салаўі
I горкі смутак дум маіх
Населяць добраю падзеяй.