Я не для вас...
Янка КупалаВедах беларускіх
Я не для вас, паны, о не,
Ў час вольны песенькі складаю, —
Што спала ў сэрцы там на дне —
Буджу і ў свет на суд пускаю,
Я не для вас, паны, о не!
Я не для вас, паны, о не,
Падчас збываюся спакою,
Калі ў вачах сляза блісне,
Маркотнай вызвана душою —
Я не для вас, паны, о не!
Я не для вас, паны, о не,
Свае дні лепшыя марную, —
У вечнай з макамі вайне
Жыву і радасці не чую —
Я не для вас, паны, о не!
Я не для вас, паны, о не,
Падняць скібіну слова рвуся
На запусцелым дзірване
Сваёй старонкі Беларусі,
Я не для вас, паны, о не!
Я не для вас, паны, о не,
Над доляй плачу свайго люду,
З гразёй змяшалі б вы мяне
Сваёй нікчэмнасцю прыблудаў…
Я не для вас, паны, о не!
Я не для вас, паны, о не,
Пяю. Вам не паняць мучэння;
Вам ваша сэрца не дрыгне
На голас братняга цярпення.
О, не дрыгне, паны, о не!
Я не для вас, паны, о не!
Адною ўцехаю жыццё вам,
Знячулі ў сытасці, віне,
Вас не разжаліш праўды словам,
О, не разбудзіш вас, о не!
Я не для вас, паны, о не,
А я для бедных і загнаных,
Я з імі мучуся ўраўне,
Ў адных закут з імі кайданах…
Я не для вас, паны, о не!
Я не для вас, о паны, не!..
Я — для тых цёмных, нешчаслівых
Ад іх і водгаласак мне
Прымчыцца па лясах, па нівах,
А не ад вас, пане, о не!