Завіруха
Алесь ГарунВедах беларускіх
Завіруха скача ноччы
Патарочай, плача, вые;
Пухавыя сыпе ў вочы
Снегавінкі мне, рагоча.
Йду навобмац; ледзь жывы я,
Няжывыя суну ногі
Бездарогі. Цела ные,
Калянее; верставы я
Прамінаю слуп убогі,
Траярогі крыж збуцвелы,
Пасівелы, цёмны, строгі.
He чакаю дапамогі…
Прыступае нехта белы,
Асмялелы. Во ўсцігае,
Акаляе, скамянелы,
Пасінелы, — абнімае.
Завіруха —
Рагатуха сыпе снегу
I ў прабегу шэпча ў вуха:
«Заначуеш — не пачуеш:
Я завею, я угрэю,
Зараз ляжаш, дзякуй скажаш,
Мне ты скажаш». Завіруха —
Рагатуха шэпча ў вуха.
Ажно чую: раптам злая
Улягае, уціхае
Завіруха. Замірае.
Праясняе ў полі. Нікне,
Ані зыкне вецер-сватка.
Бачу — хатка.
Як тры зоркі, тры вакенцы
Пры гасцінцы. Вераценцы
Дыму ў неба ўюцца, пнуцца.
Хатка, вокны, дым — смяюцца,
Клічуць, вабяць, сустрачаюць,
Прывячаюць, запрашаюць.
Голас чую родных, мілых.
Змацаваўшыся на сілах,
Крыкнуць рады: «Згінь ты, гораі»
А яно ў вадказ гавора:
— «Над табою
Снег гурбою».