Песня-звон
Алесь ГарунАлесь Гарун на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
Гэй, ты, маці, родна мова,
Гэй, ты звон вялікі, слова,
Звон магучы,
Звон бліскучы,
3 срэбра літы,
3 злота збіты,
Загрымі ты,
Загрымі!
Гэй, званар, званар, мой пане,
Бі у звон, як змогі стане,
Без спачынку,
Бяз упынку,
Потам зліты,
Ім умыты, —
Бі, звані ты,
Бі, звані!
Гэй, гусляр, пясняр, мой браце,
Грай, спявай у полі, ў хаце,
Дзе гарота,
Дзе галота,
Дзе нясыты,
Дзе няўмыты, —
Ім спыні ты,
Жаль спыні!
Струны хай грымяць i рвуцца
3 болю, з гневу; хай смяюцца,
Разам з імі,
Ня чужымі, —
Голас чысты,
Залацісты,
3 імі злі ты,
3 імі злі!..