« Назад Далей » in English

Напрадвесні

Змітрок Бядуля
Змітрок Бядуля на
Ведах беларускіх

Аздобіў Сакавік у златаблеск даліны,
Быў чысты, нібы шкло, абшар-прастор нябёс.
Сінь-даль адзела туль з сярэбранай тканіны,
Здалёку цёмны бор вяршалінамі трос.

Крахтаў лядок — па ім ішоў Ярыла ціха,
На зімніку старым ляглі яго сляды.
Над ім лунаў прамень агнёваю арліхай,
За ім ішлі-брылі прыслужнікі Дзяды.

Іx постаці раслі, як дрэвы дзікай гушчы,
Трымалі на руках адвечную Вясну
Чуваць быў лёгкі шум: шло набажэнства ў пушчы,
I патаемны звон будзіў зямлю ад сну.

На кожным дрэве-пні мігцелася бажніца,
Хаваў яе ад воч рухлівы аганёк.
Пад кожным дрэвам-пнём свяцілася крыніца,
Ляжаў на ёй бруском бурштынавы лядок.

Карчы плялісь вакол, цямнелі, як мурыны,
Як дзікая гання няведамых звяроў.
Блішчэлі, як крыштал, пад лёдам азярыны
Туманілася ціш над каркам пастыроў.

Сцяжарні тут і там на ўзгорках лугавінаў,
Як дзіды, тырк і тырк у ціхі карагод.
На лёдзе між кустоў ірдзелісь журавіны,
Бы кропелькі крыві на чыстым люстры вод.

Увосені да іх пад невадам туману
He дапушчаў дзяўчат багністы страх балот.
Як той закляты скарб, былі яны схаваны
Ад воч і рук людскіх на ўвесь зімы пралёт.

Празрысты быў лядок, як з павуціны сетка,
Багно было пад ім відочна ў цішыне.
Пад жылістай лазой, дзе вадзяныя кветкі,
Русалка ў глыбі вод хавалася на дне.

Мяцеліцы яе за штосьці пакаралі, —
Пад лёдам да вясны ёй загадалі спаць,
Іскравілісь на ёй з суніц-брусніц каралі,
Вужаку на грудзёх прымусілі трымаць.

Разрэзаным грыбком былі адкрыты губкі,
А колеры на іх, як макаўкі, цвілі.
Як брызгі малака, бялелі яе зубкі,
Між іх вуглём чарнеў малы камок зямлі.

З-пад вадзяных лілей, пажоўхлых і дрыжучых,
Чуваць быў лёгкі шэпт, дрымотны подых-згук.
З-пад залатой лускі, з-пад бурбалкаў бліскучых
Прыкметны былі ледзь абрысы ног і рук.

Русалка сон прарве, праб’е лядок рукою
I пойдзе рассяваць пралескі па зямлі.
I запяе Вясна ў праменнях над ракою,
Наладзіць шчодры баль на пухавой раллі.

« Назад Далей » in English

Зборнікі: Беларуская лірычная паэзія