Начлежнікі пяюць
Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
Начлежнікі пяюць. Над вогнішчам туман.
А спеў — вясёлы сум. А галасы — рачулкі.
Плывуць адтуль з кустоў, з асрэбраных палян
Частушкі — як званкі, частушкі — як бразгулкі.
Начлежнікі пяюць. У словах глуш лясоў,
I дзікай птушкі крык на зыбістым балоце,
I чулы летні шэпт расістых каласоў,
I човен рыбака, і клёны ў пазалоце.
Начлежнікі пяюць. Лунаюць уначы
Да зорак галасы жамчужна-гучнай веяй.
Спявайце галасней! Ты, песня, не маўчы!
Мо выскачыць з вачэй, бы з крэмня, іскраў веер.
Начлежнікі пяюць. Кіруйце спеў туды,
Дзе ў сэрцы, у грудзях так горача і цесна.
Вы знойдзеце шмат слоў агнёвых — і тады…
У полымя-пажар разгневаецца песня.