У прыпар
Алесь ГарунАлесь Гарун на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
Прыпарыла,
Нахмарыла,
I ўдарыла!
— Святы Ілля…
Маланка ўраз з’явілася,
Мільгнула і звалілася,
I дожджыкам аблілася
Гарачая зямля.
Кроплі разам, згодна, жвава,
Пояць ўсё, што хоча піць:
Збожжа, дрэвы, краскі, травы;
Вулкі хочуць затапіць,
Б’юць у стрэхі, мыюць шыбы,
Мыюць хаты, мочаць сад;
У рэчцы спожыў маюць рыбы…
Хто ў прыпар дажджу ня рад?
Сцішаецца,
Змяншаецца,
Ўнімаецца.
— Няма!
I сонка паказалася,
Маўляў, само купалася;
Прыемна усміхаецца,
Блішчыць, пераліваецца,
Яскрава адбіваецца
На траўцы, на лісточку,
У рэчцы, ў раўчачочку,
На вулачцы, ў садочку;
Зямля ўздыхае поўнымі,
Шчаслівымі, чароўнымі
Грудзямі усіма.