Красавік
Аляксей РусецкіАляксей Русецкі на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
А што зрабіў са мною красавік —
ад соку п’яны рыжы чараўнік…
Лухта цяпер у галаву мне лезе:
нібы я зноў — юнак, іду па лесе,
і ноздры аж трымцяць, мой бот прамок;
я чую прэль зямлі, снег учарашні,
і залаты арэшыны дымок,
і як паціху дыхае мурашнік.
Зноў адчуваю: цёплая зямля
На радасць мне паабяцаць гатова
крылом шматкаляровым матыля
вясёлы россып красак каляровых
і трэлямі дразда — спеў салаўіны,
бо неўзабаве на галлі павінны
палаць пупышкі-сэрцы, і на дол
свой кіне цень зялёны арэол.
Захмурылася сонца ў яснай сіні,
I ножкамі бліскучымі прайшла
хмурынка па маёй гарачай спіне;
збываецца вясна, звініць пчала…
Але не прыйдзеш ты з пучком пралесак,
З юнацкага майго не прыйдзеш лесу.