У зоне цішыні
Аляксей РусецкіАляксей Русецкі на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
Трава блішчыць на ўзлессі росамі,
між дрэў мільгаюць матылі,
напэўна, цішыня з бярозамі
яшчэ не знікла на зямлі.
Навокал дзіўная акустыка:
чуваць асы далёкі звон;
няўжо з транзістара, з-за кусціка,
не гаркне раптам стадыён?
Няўжо цяперашнія коннікі
не прагарцуюць міма ў лес —
матацыклісты, мотарольнікі,
рассыпаўшы смуродны трэск?
He ўспомняцца тут грукат, вуліца…
Абраў сюды дарогу сам;
у лес, які маўкліва журыцца,
ужо ўваходжу, як у храм.
Магу дзень выхадзіць і выстаяць
пад шатамі асін, бяроз,
дзе задуменнасць урачыстая
находзіць на мяне з нябёс.
Я загараюся, прасвечаны,
як крона клёна, іх святлом,
і думка-парастак ляпеча мне
сваё найлепшае лістком.