Таварышу маёй вясны
Валянцін ТаўлайВедах беларускіх
Можа, нашым шляхам не сысціся, мая дарагая:
затанулі даўно яны ўдалеч — адзін і другі…
Ты пазнаеш па песні, хто ў звонкім агні дагарае
і вяснянае сэрца бароніць ад шэрай астрожнай тугі.
Без мяне, маладая, ідзі, — хай бярозы над шляхам не плачуць
і на сэрца тваё не страсаюць вякамі навеяны сум,
бо ці ж варта тужыць, што шляхі прабягаюць іначай,
калі боль, напалам падзяліўшы, ў прасторы нясуць?
Развітаўся я з многім, з вясной толькі нашаю — нельга:
як, скажы, без яе мне дажыць да апошніх хвілін?
Помню, помню: мы неяк з табою шыпшыну сустрэлі
і не ведалі — гэта яна ці сустрэча і вочы цвілі.
Хоць шыпшына даўно адцвіла, — засталася на памятку радасць:
захаваю паблеклы пялёстак, — далёкі успамін, —
пранясу праз жыццё, непакорны ні бурам, ні здрадам,
каб і сэрцу цяплей, каб сінелі прыветней палі.
А як сцежка мая за высокай сцяной абарвецца
і на кратах абные крылом акрываўленым сцяг, —
ты зірні, дарагая, праз лісце навіслага вецця
з пагранічнага ўзгорка вясны — на мяцелісты шлях…
Будзе песня звінець жаўруком, пралятаючы далеч,
да цябе даляціць — ты хоць раз сірату прытулі…
Цёплай, сейбіцкай жменяй мы шчыра жыццё раскідалі,
каб вясна расцвіла для людзей і на гэтай пакутнай зямлі.