Едзе восень
Анатоль АстрэйкаВедах беларускіх
Едзе восень на рабым кані,
Блісне сонца і за хмару зойдзе.
Жураўлі па небу цягнуць клін
3 родных месц к цяплу,
На дальні поўдзень.
Яшчэ ўчора ластаўкі былі,
А ўжо сёння пуста каля дома.
Як яны адлётваюць, калі,
Для людзей заўсёды невядома.
Як пчаліны рой, лятуць шпакі,
Іх над Нёманам сяўцамі клічуць.
Як яны сабраліся ў гурткі —
Да сяўбы асенняй дзён не лічаць.
Калі гусі заплятуць ланцуг
I шнурок пацягнуць свой па небу.
Запрагаць каня ізноў у плуг,
Выбіраць калгасу бульбу трэба.
Бо ўжо скора возьмецца мароз
I зямлю скуе ў лядзяны камень.
Бач, на захад чырвань ён занёс
Золкімі, халоднымі рукамі.
Едзе восень на рабым кані,
Тут дажджы ліюць, а тут і ясна,
На шырокім полі дзень пры дні
Скарб сабраць спяшаецца калгаснік.