« Назад Далей » in English

Нёман

Анатоль Астрэйка
Анатоль Астрэйка на
Ведах беларускіх

О Нёман, о бацька мой, Нёман,
Як сонца, як дзень дарагі!
Касцямі звяругаў шалёных
Усланы твае берагі.

Да змогі цябе баранілі
Твае баявыя сыны,
Каб ворага чорная сіла
He гнала па хвалях чаўны.

Нас праўда на бой акрыліла,
Дала нам матуля мячы,
Ты глянь, на тваіх колькі схілах
Нямецкай ляжыць саранчы!

З тваіх адышлі мы прыгоркаў.
Так трэба, мой Нёман, было.
Я знаю, што цяжка і горка
Свой дом пакідаць і сяло.

Мы вернемся хутка, мы прыйдзем,
Мы будзем навекі з табой.
Заплаціць за гора нам злыдзень
Сваёю фашысцкай крывёй.

Бушуй жа, мой Нёман шумлівы,
Ад помсты ўскіпай і гудзі,
На дно, ў вадзяную магілу,
Чужынцаў нязваных кладзі!

« Назад Далей » in English

Зборнікі: Беларуская лірычная паэзія