Спелы бор
Анатоль ВялюгінАнатоль Вялюгін на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
З усіх сабораў ёсць сабор,
дзе згодзен я маліцца:
у спелым леце, спелы бор
звіняць твае званіцы,
У душным водары палян,
дзе маладосць хадзіла,
багун, дурнічнік, дурнап’ян —
раздзьмулі ўсе кадзіла.
Стаяць палкі баравікоў;
дрыжыць басок чмяліны.
Глыбокі мох, на лісцях кроў
мядзведжае маліны.
Падсочак стрэлы на ствалах,
нібы крыжы пакуты.
Спяшаецца барсук-манах
у цёмны свой закутак.
Бурштынных смол здаровы дух.
На кроне ў высі яснай
не аблачынак белы пух —
дзярэ анёла ястраб.
На кожным кроку навіна,
і душна ад чабору,
а песню кожная сасна
свайму спявае бору.