« Назад Далей » in English

«У горадзе малым...»

Еудакія Лось
Еудакія Лось на
Ведах беларускіх

У горадзе малым —
       Запушчанасць садоў,
У горадзе малым —
Пахрумстванне пладоў,
I каля клуба ўдзень — «ахрыплы» мяч,
       I цішыня увечары, хоць плач…

У горадзе малым — мігценне рос
I гэткае багацце доўгіх кос:
Русявых, белых, чорных, залатых,
Што хоць пазыч каторую на міг!

Ды упрыгож істужкай, грабянцом
Ці пакладзі на галаве вянцом
I ўжо тады спяшайся пакараць.
Спяшайся
       захапляць і цараваць!

Вясновы дым
Над горадам малым…
Кіно — дзядам, дзіцячы сад — малым…

А што сярэднім — з косамі, як лён,
I нават пасівелымі з тых дзён,
Калі каналі ў полымі сады
I за вінтоўку браўся малады?

«Сярэдніх» пашкадуйце, салаўі…
Hi шчасця ў іх, ні людскае сям’і,
Hi паратунку ад таемных слёз,
Hi радасці ад кос,
Цудоўных кос,
Бо тыя, для каго яны раслі,
Ляжаць, непакароныя, ў зямлі.

« Назад Далей » in English

Зборнікі: Беларуская лірычная паэзія