«Я думала, люблю адну вясну...»
Ніна МацяшНіна Мацяш на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
Я думала, люблю адну вясну:
Вясной так лёгка пераблытаць, дзе я,
Вясною так пяюць ва мне надзеі, —
Я думала, люблю адну вясну.
Я думала, што восень не цярплю:
Так непрытульна і маркотна ўвосень,
Так адзінока з тым, што не збылося, —
Я думала, што восень не цярплю.
Але загуў прасторы сіні звон —
I колькі часу ўжо адно ўяўленне
У родны край вядзе, як у збавенне, —
Ударыла разлука ў сіні звон.
I ўсё прымаю, лета і зіму,
Паводку бурную і ліставею.
Калі зямля, як сонца, душу грэе —
Багаслаўляю лета і зіму!