Люблю
Канстанцыя БуйлоВедах беларускіх
Люблю наш край — старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла.
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Люблю народ наш бедарускі,
Хаціны ў зелені садоў,
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў,
I рэчку, што імкліва воды
Імчыць ў нязведаную даль,
I схілы берагоў пясчаных,
I яснасць чыстых яе хваль.
Люблю вясну, што ў кветкі, зелень
Аздобіць радасна зямлю,
Буслоў па гнёздах клекатанне
І спеў жаўроначка люблю.
Гарачую спякоту лета
I буру летнюю з дажджом,
Як гром грыміць, а ў чорных хмарах
Маланка зіхаціць агнём.
I восень сумную люблю я,
I першы звон сярпоў і кос,
Як выйдуць жнеі збожжа жаці,
А касары — на сенакос.
Люблю зіму з яе марозам,
Што вокны прыбярэ ва ўзор,
I белы снег, што, ўкрыўшы поле,
Ірдзіцца бляскам ясных зор.
Люблю ў пагодную я ночку
Дапозна на дварэ сядзець,
Сачыць за сініх зор мігценнем.
На месяц залаты глядзець.
I песню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
Пераліваюцца, плывуць.
Усё ў тым краі сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой,
Дзе з першым шчасцем я спазналась
I з гора першаю слязой.