Па-над белым пухам вішняў
Максім БагдановічМаксім Багдановіч на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
De la musique avant toute chose.
P. Verlaine (1)
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.
І ліецца хваляй песня, –
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці ня сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Ці не вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі,
Не разьведаць, не спазнаць;
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.
Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.
(1) Му́зыкі перш за ўсё. П. Верлен (франц.)