Незваротнае
Міхась БашлакоўВедах беларускіх
Ах, апошні палескі паром,
Цераз Прыпяць дазволь пераправіцца.
Парыпі пад асеннім дажджом
На расстанне засмужанай раніцай,
Парыпі пад псеннім дажджом,
Мой апошні палескі паром…
Прыпяць, бакены, коні, чаўны —
Ўсё апошняе і незваротнае…
Мы з табой на пароме адны.
Дык чаму ж ты такая самотная?
Мы з табой на пароме адны…
Прыпяць, бакены, коні, чаўны…
Чуеш, недзе крычаць жураўлі?
Вунь ляцяць над замглёнаю пожняй
На апошняй вось гэтай зямлі…
Дай жа Бог, каб былі не апошнія
На апошняй вось гэтай зямлі…
Чуеш, недзе крычаць жураўлі?..
Як паэзіі мала ў жыцці…
Мы ж апошняе не зберагаем.
Нібы вецер у мокрым трысці,
Плача-плача душа ад адчаю,
Нібы вецер у мокрым трысці…
Як паэзіі мала ў жыцці…
Ах, апошні палескі паром,
Буду клікаць у шэрым тумане.
Пад халодным асеннім дажджом
Парыпі, парыпі на расстанне
Пад халодным асеннім дажджом,
Мой апошні палескі паром…