Плача кнігаўка
Міхась БашлакоўВедах беларускіх
Плача кнігаўка ў росных лугах,
Просіць піць яна, піць, піць…
А да сэрца такая туга
Падступае: жыць ці не жыць?..
Гэты край, гэты край я любіў!
Гэты край, гэты край я люблю!
Дык няўжо я сябе разгубіў,
Што стамлёна гляджу на зямлю?
А над ёю чарнее імгла,
А над ёю кружыць каршук…
He згарэла, напэўна, датла —
Выглядае маю душу…
Што ж ты, кнігаўка, горка крычыш?
Што ж расы ты ў лугах не п’еш?
Цёмна-цёмна вакол, бы ўначы,
I гнязда больш, гнязда не саўеш…
Дык няўжо паміраць нам з табой,
О зямля мая, родны мой кут?
А каршук вісіць нада мной…
Я прыкут ланцугамі пакут…
I ля ног маіх плешчацца Сож,
Сіні-сіні быў, пачарнеў…
А сусед мой навострыць нож
I з усмешкай яго ўваткне.
I нікога, нікога няма,
Хто адвёў бы гэту руку…
Толькі там дзесь блукае зіма,
Замятае луг і раку…
А пакуль, а пакуль горка плач,
Плач жа, кнігаўка…
Што мне хацець?
I няма мне ні шчасця, ні ўдач
I не будзе ніколі нідзе…
Плача кнігаўка ў росных лугах…