« Назад Далей » in English

Хор

Пятрусь Броўка
Пятрусь Броўка на
Ведах беларускіх

Як толькі вецер стане гушкаць
Уранні кволыя лісты —
Так заспяваюць дружна птушкі,
Што з мёртвых можаш ўзняцца ты.

To салавей зальецца ўдала,
To шпак пасобіць ценарком —
Адзін ударыць на цымбалах,
Другі пацягне, што смычком.

Зязюлі закуваюць чуйна.
Далёка іх імчыцца гук.
I нават дзяцел б’е задумна
Па барабану: тук-тук-тук.

Жаўрук у небе недасяжным
Нібы званкамі зазваніў,
I верабей з двара паважны
Азваўся ціха, што ён жыў.

Мой кут прыгожы ў хоры веснім,
Здаецца, сам я ў ім пяю…
I я ўстаю насустрач песні,
Насустрач сонейку ўстаю!

« Назад Далей » in English

Зборнікі: Беларуская лірычная паэзія