Вечны агонь
Пімен ПанчанкаВедах беларускіх
Кудлатая хмара над Мінскам навісла,
Счарнела у змроку асенняя Свіслач,
Пакрылася лісцем.
Вада ў жоўтых латках. А вецер халодны.
А парк абгладаны здаецца галодным.
На вуліцах — слота.
На мокрым асфальце — рыканне і клёкат.
А я ўсё гляджу, як трапеча далёка
Агонь непагасны.
Нібы партызаны на плошчы туманнай
Расклалі агонь, перавязваюць раны
I лічаць патроны.
У гэткую слоту яны галадалі,
Ірвалі блакаду і сэрцы аддалі
За шчасце Радзімы.
А сёння навекі застылі ў граніце
I бронзе.
Прашу, перуны, не грыміце
Над полымем Вечным.
Сабраны ў агні гэтым іскры пажараў,
Пякучая помста і чырвань штандараў,
Прабітых жалезам;
І белая ярасць сцюдзёных маланак,
I гнеўныя вочы удоў-партызанак
Над трунамі паўшых.
I свецяць вянкі чалавечаю ласкай
Каля абеліска.
Асеннія краскі
Жалобаю пахнуць…
He трэба трывожыць цяжкія ўспаміны.
Хай славіцца дзень нашых подзвігаў мірных
I дзень наш наступны.
Пры Вечным агні людзі шчасце убачаць.
А полымя плешчацца сцягам гарачым
I іскрамі вее.
Каму заляцяць тыя іскры у сэрца,
Яно не счарсцвее ў таго аж да смерці
I не зледзянее.