Лясы нырнулі ў хмары шэрыя
Пімен ПанчанкаВедах беларускіх
Лясы нырнулі ўхмары шэрыя
Прыкрыўшы голлем птушанят.
А ты смяялася, не верыла,
Што будзе дождж, што будзе град.
Углыб, углыб усё імчалася
I за сабой мяне вяла;
Хавала вочы і смяялася
I нейкай дзіўнаю была.
А гром рыкаўужо раз’юшана
За кожнай елкай і сасной.
I прашаптала ты узрушана:
«Што ж нам рабіць, харошы мой?»
А ёлка хітрая і цёмная
У сховішча пазвала нас.
Я вочы цёмныя, бяздонныя
Там блізка ўбачыў першы раз.
Завесілі нас ліўні белыя,
Загінуў свет, дарог няма.
I да мяне, заўжды нясмелая,
Ты прыгарнулася сама.
Стагналі дрэвы мнагарукія,
Ламаўся з грукатам прастор,
I сэрцы ў лад грымотам грукалі,
I блікавіцы секлі бор…
Забуду ўсё: сяброў і вершы я,
Ды зберагу да скону дзён
Гарачых вуснаў шчырасць першую,
Ігліцы пах і ліўня звон.