«Я хаце абавязаны прапіскаю...»
Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
Я хаце абавязаны прапіскаю —
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю —
Усім, чым працы абавязан стол.
Я — матчын спеў,
Я — матчыны трывогі,
Я — матчын гнеў,
Які ўставаў на ногі,
Гнаў смерць на Захад
У нару з нары —
Трацілаваю пугай перамогі.
Дыміліся сямі франтоў дарогі
За мной, як дынамітныя шнуры.
Пазбавіўшы ад грознага відовішча
Свет, не дазволю я, каб дым і пыл
Зямлю ператварылі ў бамбасховішча,
Мільярд прапісак — у маўклівы прысак,
Мільярд калысак — у мільярд магіл.