« Назад Далей » in English

Вясна

Якуб Колас
Якуб Колас на
Ведах беларускіх

Вясна, вясна
Жаданая!
Ты прыйдзеш зноў,
Ты вернешся!

Вясёлы спеў,
Прыветлівы
Вады ў руччах
Пачуецца.

Ачнецца гай
I з песнямі
Ў зялёны ліст
Адзенецца.

Напоўніць лес
Птушыны свіст,
Травою луг
Акрыецца.

А з полудня
З маланкаю
Хмурыначка
Націснецца,

I першы гром,
Як музыка,
Таемна так
Пракоціцца.

Зямелька ўся
Ўскалышацца,
Дажджом яна
Абмыецца.

Ў прыродзе ўсё
Народзіцца,
I маладосць
Ёй вернецца.

Ды толькі мне
He вернешся,
He вернешся
Ты, моладасць.

Вясна, вясна
Жаданая!
Ты вернешся,
Ты вернешся!

« Назад Далей » in English

Зборнікі: Беларуская лірычная паэзія