Роднай старонцы
Янка ЛучынаВедах беларускіх
Ты параскінулась лесам, балотамі,
Выдмай пясчанай, неураджайнаю,
Маці-зямліца, і умалотамі
Хлеба нам мерку не даш звычайную.
А сын твой, беднаю адзет сярмягаю,
З лыка пляцёныя лапці абуўшы,
Едзе драбінамі ці калымагаю,
Конем, што цягне, як бы заснуўшы…
Усё ў табе бедна. Часта заплача
Мужык араты дзеля злой долі,
Цяжка працуючы. Ён жа, аднача,
З табой расстацца не жджэ ніколі.
I непрыглядную хату з пажыткамі,
I поле скупое, выган без пашы
Мы, апрануўшыся старымі світкамі,
Любім і цэнім — бо яны нашы.
Дасць Бог крывавым потам аратаму
Здабрыць пясчану зямліцу здарыцца,
Быць добра сытаму, хоць не багатаму,
А дзеля празніка чарка нам зварыцца.
Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
I будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй — доляй шчасліваю!..