Гэта яшчэ не ноч
Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў на
Ведах беларускіх
Ведах беларускіх
Гэта яшчэ не ноч.
Паглядзі, як скача рыба:
Срэбраны дождж над ракой.
Раве буксір за лукой,
Як бычок, што ад статка адбіўся.
Над выганам пыл задрамаў.
Такі быў сухменісты дзень.
I вось пачынаецца,
Пачынаецца начное свята прыроды:
Знікае мяжа між небам і зямлёю,
Расце трава. I зоры растуць, і думы.
Цёмнай сцяною здаецца бор,
Вежаю — месяц.
Хочацца зазірнуць
У заўтрашні дзень.
Давай стому змыем
У ружова-крынічным Сожы,
Сядзем на мораны дуб,
Узняты з прадоння рачнога.
І памаўчым.