Як я жыў без цябе
Сяргей ГрахоўскіВедах беларускіх
Як я жыў без цябе?
I не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў і меж,
He на дальнім сузор’і,
А ў нас на планеце
Ты ў зялёным і ціхім
Завулку жывеш.
Як я жыў без цябе?
А маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкроку адно
Аднаго абмінуць,
Разысціся, як сцежкі
Расходзяцца ў полі,
I не знаў бы.
За страту каго папракнуць.
Мабыць, трэба было
Праваліцца у пекла,
Траціць блізкіх, пакутаваць,
Мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая бура не ссекла,
Каб цябе
Пад палярнаю зоркай
Сустрэць,
І пазнаць,
I адразу забыцца аб крыўдзе.
Каб убачыць праменьчыкі
Ў зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
I паверыць, што прыйдзе
I збавенне, і шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўсёды скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй адкрываць
Таямніцы,
Каб душу гартаваць на высокім агні.
Час ляціць і ляціць,
Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляджу на цябе,
Я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?..