Ранак ідзе
Кастусь КірэенкаВедах беларускіх
Што гэта? Што гэта чутна далёка?
Быццам гамоніць, пяе?
Вецер, прачнуўшыся, кратае блёкат,
Гутарыць з вербай, прабуе ў асоках
Цымбалы свае.
Што гэта? Што гэта свеціцца ў змроку?
Меркне, не згасне ніяк?
Зорка шукае адцвіўшую зорку,
Дужыцца ўзняцца над Сожам шырокім
Зялёны маяк.
Дзе гэта? Дзе гэта песня зязюляй,
Чуеш — ку-ку ды ку-ку?
Сына ў калысцы галубіць матуля,
Дзеўчына з ночы па любым сумуе —
Адзін на вяку.
Шырыцца, шырыцца, плешча, бы хваля,
Гукаў нястройны мажор.
Унь умываюцца золакам далі,
Унь зараніцы пялёсткі апалі
На поле, на бор.
Што ж гэта, што — цераз пушчы, па нівах,
Шляхам, уброд па вадзе,
З яснай усмешкай, прыгожай на дзіва,
Быццам крадзецца — а смела, імкліва?..
To ранак ідзе!